Главная » Афиша » «Чулліва». Выстава фатаграфій Марыны Бацюковай. 1.03-31.03.2011

«Чулліва». Выстава фатаграфій Марыны Бацюковай. 1.03-31.03.2011

«Чулліва». Выстава фатаграфій Марыны Бацюковай
Полацкая мастацкая галерэя
Полацк, вул. Стралецкая, 4а
1.03 — 31.03.2011

Экспазіцыя аб’ядноўвае дзве серыі фатографа Марыны Бацюковай – “Лісты святлом” і “Пяшчоты хвалі”.

“Лісты святлом” – гэта серыя прысвечана “дуалізму змроку і святла”. Святло – як крыніца натхнення, як радасць, як доказ жыцця… І, вядома, фатаграфія – як пастка для светлавых хваляў, часціц, здольная выявіць, зрабіць бачнай ва ўсіх сэнсах слова гэту адну з самых дзіўных з’яў света. Дзе ж расстаўляе фатограф свае пасткі для святла, калі працягнуць гэты шэраг “паляўнічы – здабыча”?

Марына Бацюкова фатаграфуе горад у самых разнастайных яго жыццёвых праявах. І ў яе выпадку напружаная справа паляўнічага-фатографа, яго пагоня за знікаючым аб’ектам здымак, ператвараецца ў няспешны шпацыр – калі камера фіксуе сцэны жыцця не як кароткія, няхай і шчаслівыя, імгненні ( былі – і, на жаль, зніклі), а як тыя, якія ніколі не скончацца, могуць не скончыцца. Не мітуслівасць часу, а ягоная аб’ёмнасць, незабыўнасць моманту – вось у якое сіло трапляе святло, горад, людзі на фатаграфіях Марыны Бацюковай. Гэта “працягласць” кадра, шчырая зачараванасць, замілаванне імгненнем і ствараюць асаблівы почарк аўтара, яго індывідуальны погляд на свет. Не захаваць хвіліны, а працягнуць іх.

Кветкі як хвалі пяшчоты, як адчуванне галавакружальнай асалоды… Фатограф наўмысна “выключае” колер, які перашкаджае наблізіцца да гэтай кранальнай безаабароннасці кветак, да іх невыноснага хараства, якое, як нам здаецца, заўжды патрабуе нашага ўмяшальніцтва. Без гэтай залішняй відавочнасці колеру, “матэрыялізацыі”, кветкі пачынаюць распускаць водар чуллівасці, абуджаючы ў нас больш кінестэтыкаў, чым візуалаў – тых, каму неабходна не толькі бачыць, назіраць, любавацца, але – абавязкова – успрымаць дотыкам, уражвацца, адчуваць.

І гэта, сапраўды, захапляльна. Пяшчотна. Чулліва.

Дар’я Амяльковіч

Оставить комментарий

Ваш email нигде не будет показанОбязательные для заполнения поля помечены *

*